ЯМ-ЗАПО́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1582,
дагавор аб 10-гадовым перамір’і паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй; адзін з дыпламат. дакументаў, які завяршыў Інфлянцкую вайну 1558—82 (гл. Лівонская вайна 1558—83). Падпісаны 15.1.1582 у в. Ківерава Гара каля Яма-Запольскага на Пд ад Пскова. Перагаворы вяліся з 13.12.1581 да 6.1.1582. З боку Рэчы Паспалітай у іх удзельнічалі ваявода брацлаўскі Я.М.Збаражскі, маршалак надворны ВКЛ А.Радзівіл, пісар ВКЛ М.Гарабурда; з боку Маскоўскай дзяржавы — князь Дз.П.Ялецкі, Р.В.Алфер’еў, дзяк М.М.Верашчагін; старшынстваваў папскі легат А.Пасевіна. Гал. спрэчкі на перагаворах разгарэліся з-за Інфлянтаў (Лівоніі). Маскоўская дзяржава хацела захаваць за сабой г. Дэрпт (Тарту), але цар Іван IV імкнуўся хутчэй перакінуць свае сілы супраць Швецыі, таму адмовіўся ад заваяваных інфлянцкіх зямель. Дэлегацыя Рэчы Паспалітай хацела ўтрымаць г. Себеж і інш. занятыя гарады. Паводле падпісанага дагавора Маскоўская дзяржава адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад заваяваных раней інфлянцкіх і бел. зямель і ад уладанняў сваіх васалаў і саюзнікаў: 40 гарадоў у Інфлянтах, Курляндыі, Полацкага ваяв. і Веліжа з акругай. Рэч Паспалітая вярнула Івану IV занятыя ў апошнія гады вайны пскоўскія, наўгародскія і цвярскія землі. Узаемная перадача замкаў і абмен ваеннапалоннымі павінны былі адбыцца на працягу 8 тыдняў. Рэч Паспалітая адмовілася ад першапачатковых прэтэнзій: накладання кантрыбуцыі на Маскоўскую дзяржаву і ад інш. кампенсацый страт ад вайны. Яна адмовілася таксама ад вызначэння прыналежнасці прыбалт. гарадоў, падлеглых рус.-шведскім перагаворам (скончыліся падпісаннем Плюскага перамір’я 1583). Кампрамісна вырашана спрэчнае пытанне аб царскім тытуле Івана IV. У рус. тэксце дагавора тытул «цар» прысутнічаў, у польскім ён не ўпамінаўся. У рус. экзэмпляры Іван IV наз. «ўладаром лівонскім і смаленскім», у польскім — «уладаром Інфлянтаў» названы кароль польскі і вял. князь ВКЛ Стафан Баторый, а тытул «смаленскі» не належаў нікому. У дадатак да дагавора летам 1582 падпісаны яшчэ 3 пратаколы. Яны вызначалі ўмовы абмену і выкупу ваеннапалонных, прадугледжвалі ненапад бакоў на спрэчныя інфлянцкія і наўгародскія гарады да сканчэння перамір’я. Дагавор быў ратыфікаваны ў Маскве царом Іванам IV і Збаражскім. Пацвярджаўся і прадаўжаўся ў 1584, 1585, 1586, 1587, 1591, 1601.
Літ.:
Успенский Ф. Переговоры о мире между Москвой и Польшей // Зап. Новороссийского ун-та. Одесса, 1887. Т. 45;
Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитою (1570—1582). СПб., 1904;
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Флоря Б. Россия, Польша и конец Ливонской войны // Сов. славяноведение. 1972. №2.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 18, кн. 1, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)